Фальклор – сапраўдная скарбніца духоўных каштоўнасцей, народны мастацкі летапіс. У ім знайшлі сваё адлюстраванне побыт народа, яго вераванні і памкненні, сацыяльныя і эстэтычныя ідэалы, погляды на сусвет.
Гэта культурнае багацце нашых продкаў, дзякуючы якому сёння захоўваецца пераемнасць традыцый і сувязь пакаленняў. Таму вывучэнне, захаванне і прапаганда народнай спадчыны — адзін з галоўных напрамкаў працы сучасных устаноў культуры.
Вялікая работа па адраджэнню народных святаў і абрадаў, збору і апрацоўцы фальклорнага матэрыялу, нацыянальных мясцовых традыцый праводзіцца ў Бярозаўскім і Вялікааўцюкоўскім сельскіх дамах культуры.
Гэтыя калектывы вядомы многім, бо бярозаўцы і аўцюкоўцы – найяскравейшыя носьбіты этнакультурных традыцый нашага раёна. Яны пастаянныя ўдзельнікі раённых і абласных культурных мерапрыемстваў, здымаліся для перадач на тэлебачанні; станавіліся пераможцамі і абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, аглядаў і конкурсаў.
У мінулым годзе іх нават запрасілі ў Мінск для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі этнакультур, на якім нашы землякі яскрава і самабытна прадставілі гледачам народныя абрады Калінкавіцкага раёна.
І сёння, напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў культуры, давайце пазнаёмімся з гэтымі носьбітамі фальклору крышачку бліжэй.
Народны фальклорны ансамбль “Бярозаўскія пералівы” у адных толькі рэспубліканскіх ды абласных “Дажынках” прымаў удзел больш за пяць разоў. А што казаць пра знакаміты Усебеларускі фестываль народнага гумару? “Бярозаўскія пералівы” там даўно атрымалі пастаянную “прапіску”.
Калектыў гэты шматгранны, яму заўсёды ёсць, чым здзівіць гледачоў. Ён прымаў удзел у самых розных фальклорных святах і аглядах, а ўсіх яго дыпломаў-грамат ужо і не злічыць.
З самага заснавання ансамбля (1986 год) і па сённяшні час яго мастацкім кіраўніком з’яўляецца Паліна Лапацік.
У 1995 годзе за дасягнутыя поспехі “Бярозаўскім пералівам” было прысвоена ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”.
Удзельнікі ансамбля актыўна збіраюць мясцовы фальклор, адраджаюць і захоўваюць традыцыйныя святы і абрады. Напрыклад, штогод 7 красавіка на Благавешчанне яны запрашаюць аднавяскоўцаў разам з імі “пагукаць” вясну.
Сваю канцэртную дзейнасць “Бярозаўскія пералівы” нярэдка ажыццяўляюць сумесна з дзіцячым фальклорным ансамблем “Пацехі”, створаным у Бярозаўскім СДК. Галоўная ідэя калектыву – адраджэнне, захаванне і перадача ў спадчыну маладому пакаленню традыцыйных песень, танцаў і прыпевак гэтай мясцовасці.
— Фальклор цяжка ўтрымаць, — кажа Паліна Лапацік. – Асабліва сярод моладзі. Мы стараемся іх зацікавіць, і дзеці да нас ідуць.
Фальклорна-этнаграфічны калектыў Вялікааўцюкоўскага сельскага клуба-бібліятэкі быў створаны ў 1979 годзе. Сёння яго мастацкім кіраўніком з’яўляецца Ірына Марару.
У складзе калектыву налічваецца 12 чалавек ва ўзросце ад 36 да 82 гадоў. Усе яны вельмі любяць народныя песні, прыпеўкі, прыказкі. Словам, з задавальненнем захоўваюць мясцовыя абрады і традыцыі для нашчадкаў.
Удзельнікі вакальнага гурта з Вялікіх аўцюкоў — жаданыя госці на ўсіх раённых і абласных мерапрыемствах. Юр’я, Троіца, Купалле, Коляды, масленічныя і велікодныя мерапрыемствы – гэтыя абрады яны ведаюць дасканала. А вясельны абрад гэты калектыў праводзіць па сваёй уласнай, самабытнай аўцюкоўскай традыцыі.
Многія ўдзельніцы гэтага калектыву неаднаразова з’яўляліся ўдзельніцамі раённых і абласных выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сярод мясцовых народных умеліц ужо вядомыя нам Марыя Багдановіч (ткацтва і вышыўка), Валянціна Варабей, Вольга Лукашевіч, Любоў Зайцава (вышыўка, вышыўка крыжам). Канцэртныя касцюмы для выступленняў артысткі шыюць самі, аздабляюць іх вышыванкамі, а потым прыбіраюцца ў іх на абласныя і рэспубліканскія фэстывалі.
І ў завяршэнне хочацца сказаць некалькі слоў пра музеі, якім сёння адведзена кансалідуючая роля. Гэта адно з нямногіх месцаў, дзе можна па-сапраўднаму адчуць пераемнасць народных традыцый. У клубных установах раёна вядзецца мэтанакіраваная праца па стварэнню фальклорных куткоў, пакояў народнага побыту, міні-музеяў.
Як паведамілі ў Калінкавіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, сёння ў многіх установах культуры аформлены такія куткі. У Бярозаўскім, Дудзіцкім, Юравіцкім, Крукавіцкім СДК, Хобненскім і Халодніцкім сельскіх клубах-бібліятэках, Даманавіцкім і Савіцкім СДК функцыянуюць музеі народнай творчасці, у якіх можна пазнаёміцца з гісторыяй населеных пунктаў і прадметамі побыту нашых продкаў.
У мінулым годзе адкрыўся яшчэ адзін міні-музей фальклорнага побыту ў Лясецкім сельскім клубе.
А маль ва ўсіх клубных установах раёна дзейнічаюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе маладое пакаленне набывае навыкі па рукадзеллю, ткацтве, саломапляценню, лозапляценню, выпальванню, разьбе па дрэве і іншым народным промыслам.
Таццяна КАПІТАН.