Адрас: 247710, г. Калінкавічы,
пл. Леніна, 1
Е-mail: mailrik@kalinkovichi.gov.by
Тэлефон: 8 (02345) 4 21 40; факс : 8 (02345) 3-17-12
VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” прайшоў у мінулую субботу ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Дзясяткі тысяч гасцей з’ехаліся сюды з 10 краін свету. Іх сустракалі 11 раёнаў беларускага Палесся з Гомельскай і Брэсцкай абласцей, якія прадстаўлялі на стылізаваных падворках дасягненні і каларыт кожнага раёна.
У ліку ганаровых гасцей свята быў віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Субоцін, старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, памочнік прэзідента Юрый Шулейка, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і дыпмісій. Упершыню гасцямі свята сталі дыпламаты з Расіі, Арменіі, Азербайджана, Балгарыі, Ірана, Літвы, Пакістана, Палесціны, Судана і Узбекістана.
Выступаючы на цырымоніі адкрыцця свята, віцэ-прэм’ер адзначыў, што гэта мерапрыемства стала для нашай рэспублікі ўжо брэндавым.
— Сёння Палессе — гэта магутны індустрыяльны і культурны цэнтр. Яно змяняецца на вачах. Мадэрнізуюцца прадпрыемствы, хуткімі тэмпамі будуецца жыллё, узводзіцца шэраг сацыяльных аб’ектаў, — сказаў Аляксандр Субоцін. У цэлым фестываль, на яго думку, спрыяе таму, каб як мага больш людзей даведаліся пра Беларусь не па чутках, а пабачылі сваімі вачыма. І сёлетні фестываль, безумоўна, унясе дастойны ўклад у далейшае развіццё і дабрабыт Палескага рэгіёну.
Фестываль у Ляскавічах з’яўляецца найбуйнейшым на Палессі. Ён накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультур, умацаванне сувязяў паміж рэгіёнамі. А праводзіцца ён з 2010 года па ініцыятыве кіраўніка нашай дзяржавы. Яго арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамаы, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, вітаючы гасцей свята, адзначыў, што ў самага маладога ў рэгіёне фестывалю вялікая будучыня:
— Яго поспех вызначылі тры складнікі — унікальная маляўнічая прырода, найбагацейшая гісторыка-культурная спадчына і аўтэнтычныя народныя абрады і рамёствы. Плюс — працавітасць, гасцінны характар палешукоў і іх вялікія сэрцы, якія ўмеюць шчыра любіць і радавацца. Сёння на абноўленай пляцоўцы мы з вамі чуем беларускую мову. Мы бачым нашы самабытныя калектывы, якія паказваюць свае прамысловыя і іншыя напрамкі. І гэтая пляцоўка з’яўляецца не месцам барацьбы, а адзінства, месцам, дзе мы з вамі аб’ядналіся за сваю сувярэнную Беларусь, можам выказаць свае словы і думкі.
Фестывалю гэтага года папярэднічала маштабная рэканструкцыя, праведзеная ў Ляскавічах — на набярэжнай ўзвялі цэлую вёску і мноства цікавых аб’ектаў, якія захаваюцца і пасля фестывалю, абсталявалі выдатную гульнявую пляцоўку для дзяцей.
Словам, Ляскавічы падрыхтаваліся грунтоўна. Фестывальныя пляцоўкі ператварыліся ў своеасаблівы гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Узведзены цэлы шэраг новых аб’ектаў гісторыка-этнаграфічнага комплексу “Музей пад адкрытым небам”. Удзельнікі і госці свята наведалі млын, кузню, майстэрні ганчара, саломапляцення, ткацтва, лозапляцення, бондарства, дамы рыбака і паляўнічага, кафэ ў стылі народных традыцый. На выставах-кірмашах рамеснікаў можна было не толькі набыць тавар, які спадабаўся, але і навучыцца яго вырабляць.
У гэты раз у праграме фестывалю было нямала мерапрыемстваў з паметкай “ўпершыню”. Сярод іх, у прыватнасці, выставы-рамеснікаў і майстроў Палесся з правядзеннем майстар-класаў, інтэрактыўная пляцоўка “Хлеб майго Палесся”.
Сама ж ідэя правядзення фестывалю сёлета была заснавана на прэзентацыі беларускай міфалогіі. Міфалагічныя элементы захаваліся ў культуры жыхароў Палесся па сённяшні дзень, што з’яўляецца сведчаннем старажытнасці, архаічнасці нашай культуры. Госці фестывалю патрапілі ў дзіўны, фантастычны і загадкавы свет нашых продкаў, акунуліся ў па-сапраўднаму незвычайную, асаблівую атмасферу.
На падворках былі прадстаўлены інсцэніроўкі з удзелам міфалагічных персанажаў. На кожным двары гасцей сустракалі песнямі, танцамі і арыгінальнымі стравамі. Дарэчы, меню і рэпертуар адлюстроўвалі традыцыі той ці іншай мясцовасці.
Артысты з Калінкавіцкага раёна ярка, весела і каларытна прадставілі падворак “Шэшкавы пацешкі” — театралізаванай пастаноўкай, выставамі народных майстроў і прэзентацыяй кніг нашага таленавітага земляка Віталія Куліка, лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага. Гасцям прапанавалі згуляць у шышкабол, збіць масла, частавалі караваем віцэ-прэм’ера і ўручылі ўсім ганаровым гасцям сувяніры з лаўкі “Шышкавы забаўлянкі”.
Дарэчы, калінкавічане былі і ўдзельнікамі круглага стала па пытаннях развіцця рэгіянальнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь, які прайшоў у рамках фестывалю. Аб перспектывах развіцця рэгіянальнага турызму на прыкладзе Калінкавіцкага раёна яго ўдзельнікам расказала в.а. загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Святлана Сялюк, якая выступала з прэзентацыяй турыстычнага маршруту ТАА “Экатурпраект” і знаёміла гасцей з развіццём турызму ў нашым раёне.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю прымалі ўдзел лепшыя калектывы Беларусі, Расіі, Украіны. Народны вакальны ансамбль “Галасы Калінкавіч” адкрываў святочную канцертную праграму.
Чаго хапала на фестывалі, дык гэта песень — на любы густ і на розных мовах. На вялікай сцяне спявалі і танцавалі артысты з Беларусі і краін-суседак: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, эстрадны-сімфанічнічны аркестр імя Ю.А. Васілеўскага, вакальная група “Чысты голас”, фальклорны ансамбль славянскай песні “Збіцень” Гомельскай абласной філармоніі, ансамбль народнай музыкі “Бяседа”, дзіцячы харэаграфічны калектыў “ВІП пакаленне” Курскай дзяржаўнай абласной філармоніі.
На вялікай сцэне выступілі пераможцы шоу “Х-фактар” — група “Лісапетны батальён” і яе кіраўнік Наталля Фаліон з Украіны.
Традыцыйна на фестывалі прысвоілі званне “Ганаровы паляшук”. У гэтым годзе яго атрымалі старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, дырэктар прадпрыемства “Спецжалезабетон” Васіль Басевіч і генеральны дырэктар “Беларуснафты” Аляксандр Ляхаў.
Міхаіл Русы, выступаючы з адказным словам, адзначыў, што яму заўсёды вельмі прыемна прыязджаць на родную зямлю і бачыць, як яна развіваецца і квітнее. Таксама ён выказаў падзяку нашаму Прэзідэнту, які не змог прыехаць на фестываль, але ў бліжэйшы час абяцаў наведаць абноўлены рэгіён.
— У 1996 годзе кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне актыўна развіваць Палескі накірунак. Пабудавалі новую вытворчасць, масты, аднавілі дарогі і культурныя каштоўнасці. Мы падтрымалі гэты ўнікальны край. Я нарадзіўся ў вёсцы непадалёку ад Турава, і добра ведаю, якія людзі тут жывуць. Гэта людзі са знакам якасці, — сказаў беларускі сенатар.
Астатнія выступаючыя таксама сыйшліся ў меркаванні, што мерапрыемствы, падобныя “Клічу Палесся”, патрэбныя ў першую чаргу таму, што спрыяюць выхаванню патрыятызму, любові і павагі да роднай зямлі.
Да позняга вечара ўдзельнікі свята спявалі і танцавалі, частаваліся прысмакамі, ад якіх разбягаліся вочы на гандлёвых радах “Палескі кірмаш”, каталіся па Прыпяці на цеплаходзе і лодках, захапляліся паказальнымі выступленнямі спартсменаў-парашутыстаў.
У праграме фестывалю было шмат пацех і конкурсаў. На “Клічы Палесся” прайшоў міжрэгіянальны конкурс прыгажосці і грацыі “Палеская Прыгажуня”. Крыху раней на спартыўнай пляцоўцы выбралі самага моцнага палешука.
Завяршылася свята этнакультурных традыцый святочным феерверкам і дыскатэкай “Танцуй, Палессе!” з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў Гомельскай вобласці, прадзюсарскага цэнтра абласной філармоніі і спецыяльнага госця фестывалю Сашы Нэма.
Творчая дэлегацыя Калінкавіцкага раёна вярнулася з фестывалю з дыпломам за актыўны ўдзел і папулярызацыю беларускай культуры.
Таццяна КАПІТАН.
Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.